Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Еўропе прыняў удзел у дыскусіі ў Еўрапейскім парламенце па пытаннях гібрыднай вайны.
9 чэрвеня 2026 года ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі адбылася экспертная дыскусія «Hybrid Warfare in Europe: Frontline Practices», прысвечаная аналізу сучасных метадаў расійскай гібрыднай агрэсіі і выпрацоўцы практычных механізмаў процідзеяння гэтым пагрозам. Мерапрыемства было арганізавана дэпутатамі Еўрапейскага парламента ў супрацоўніцтве з дэлегацыямі па сувязях з Беларуссю і Украінай, а таксама шэрагам аналітычных цэнтраў і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Сярод арганізатараў і партнёраў мерапрыемства выступіў Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Еўропе.
Падчас асноўнай сесіі, прысвечанай аналізу метадаў гібрыднай агрэсіі і ўмацаванню еўрапейскіх механізмаў процідзеяння на аснове вопыту краін усходняга флангу, акадэмічны дырэктар Інстытута Андрэй Лаўрухін прадставіў вынікі даследавання "Паўгадовы маніторынг “Русского мира”, рэалізаванага пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра. У прэзентацыі былі прадстаўлены асноўныя высновы маніторынгу інструментаў распаўсюджвання ідэалогіі «русского мира», механізмаў інфармацыйнага ўплыву і гібрыдных практык, якія выкарыстоўваюцца Расіяй у краінах Усходняй Еўропы.
У дыскусіі ўзялі ўдзел дэпутаты Еўрапейскага парламента, прадстаўнікі ўкраінскіх і беларускіх аналітычных цэнтраў, эксперты ў сферы бяспекі і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі. Абмеркаванне выклікала жывую зацікаўленасць дэпутатаў Еўрапейскага парламента і арганізацый грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі надалі неабходнасці ўзмацнення ўстойлівасці дэмакратычных інстытутаў, супрацьдзеянню дэзінфармацыі і выпрацоўцы эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі рэгіёна ў сферы бяспекі.
Па выніках сустрэчы плануецца падрыхтоўка кароткага аналітычнага дакумента з рэкамендацыямі для профільных камітэтаў Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі.